| 08.10.2020 |
!Мероприятие завершено! |
Грамадзяне Зямлі патрабуюць дадаць да Міжнародных правоў чалавека права на чыстае і здаровае асяроддзе.
Петыцыю на сёння падпісалі больш за 100 000 чалавек. [1] Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) заклікае беларусаў падтрымаць гэты зварот.
У верасні 2020 года на Генеральнай Асамблеі ААН падчас паседжання Савета па правах чалавека пяць краін-удзельніц прапанавалі новае права [2]. Гэта першы крок да прыняцця рэзалюцыі спачатку ў Савеце па правах чалавека, а потым – у Генеральнай Асамблеі ў 2023 годзе.
Згодна з дадзенымі СААЗ, 23% ад агульнай колькасці смерцяў звязана з вынішчэннем прыроды, а сотні мільёнаў людзей цярпяць ад хваробаў, выкліканых уздзеяннем нездаровага і ненатуральнага асяроддзя. [3] Непасрэднымі наступствамі зменаў у клімаце з’яўляюцца больш частыя і моцныя штормы, засухі, пажары, павышэнне ўзроўня мора, што пагражае жыццям мільярдаў людзей. Пандэмія COVID-19 узнікла ў выніку знішчэння арэала пражывання і нелегальнага гандлю дзікімі жывёламі і раслінамі. Новае права чалавека можа гарантаваць тое, што глабальнае зялёнае ўзнаўленне, неабходнае свету для перабудовы грамадства пасля пандэміі, прыцягне ўвагу да крызісу біяразнастайнасці і прыродных катаклізмаў.
Доктар Дэвід Р. Бойд, спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях правоў чалавека і прыроднага асяроддзя: “Права на здаровую планету ў якасці міжнародна прызнанага права будзе важным дадаткам да набору інструментаў для ратавання планеты. Права на здаровае асяроддзе дапамагае будаваць падмурак для значнага прагрэсу, які мы назіраем сярод розных народаў свету. Цяпер нам неабходна карыстацца момантам глабальнага экалагічнага крызісу, каб гарантаваць прызнанне гэтага права, якое будзе карысным кожнаму чалавеку ў кожнай краіне. Права чалавека на здаровую планету, пры ўмове прызнання яго ўсімі народамі, можа зрабіцца найважнейшым правам чалавека ХХІ ст. ”
Патрысія Сурыта CEO, генеральны дырэктар BirdLife International:
“Здароўе нашай планеты – гэта наша здароўе. Калі наша планета хворая, мы таксама хварэем. І наша планета ніколі не была настолькі хворай, як цяпер. Члавецтву ўжо пагражаюць змена клімату і крызіс біяразнастайнасці, а пандэмія яшчэ больш наблізіла яго да бездані. Першым крокам да змены і выратавання грамадства мусіць быць адзіны для ўсіх людзей пункт адліку – гарантыя кожнаму чалавеку права на здаровую планету”.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
“Людзі ў сваім жыцці адчуваюць падзенні, пасля якіх ідуць ўздымы. Знікненне відаў і экасістэм, як правіла, незваротна. Дзясяткі краін замацавалі ў сваіх канстытуцыях права грамадзян на здаровае навакольнае асяроддзе. Уключэнне гэтага права ў Сусветную дэкларацыю правоў чалавека дасць правільны арыенцір усяму чалавецтву, як палепшыць якасць жыцця людзей”.
Петыцыя была перакладзеная на розныя мовы свету, яе тэкст ёсць па-руску і па-беларуску.
Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 115 краін. АПБ — гэта тысячы сябраў, валанцёраў і прыхільнікаў, больш за 130 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!
Заўвагі:
[1] #1Planet1Right – міжнародная кампанія, якая патрабуе, каб права на здаровае прыроднае асяроддзе дадалі да Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека ААН. Кампанія, якая падтрымліваецца грамадзянскімі арганізацыямі з 100 краін, будзе працягвацца да 2023 г., калі, як спадзяюцца арганізатары, права будзе дададзена да правоў чалавека у гонар 75-годдзя Дэкларацыі. Падпішыце петыцыю і даведайцеся больш на www.1planet1right.org
[2] Заява прадстаўнікоў Коста-Рыкі, Мальдзіваў, Марока, Славеніі і Швейцарыі на паседжанні Савета па правах чалавека 24 верасня 2020 года: “Мы верым, што бяспечнае, чыстае, здаровае і ўстойлівае асяроддзе – гэта неад’емная частка шэрагу правоў чалавека, у тым ліку, права на жыццё, здароўе, ежу, ваду і добрыя санітарныя ўмовы. Таму прызнанне права на глабальным узроўні мае важныя наступствы для нас і будучых пакаленняў”.
[3] Сотні мільёнаў чалавек цярпяць ад хвароб, звязаных з нездаровым асяроддзем. Больш інфармацыі вы знойдзеце ў справаздачы спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека і прыродным асяроддзі ‘Clean air and human rights’ і ‘Safe climate’
[4] Згодна з СААЗ, “прыблізна 12.6 млн смерцяў штогод выклікана ўздзеяннем нездаровага асяроддзя”, сярод праяваў якога – забруджанае паветра, нізкая якасць вады, наступствы змены клімату. https://www.who.int/news-room/detail/15-03-2016-an-estimated-12-6-million-deaths-each-year-are-attributable-to-unhealthy-environments
Пра BirdLife International
BirdLife International – найбуйнейшая прыродаахоўная суполка ў свеце. На планеце налічваецца 115 партнёраў BirdLife, 11 млн прыхільнікаў, 7000 мясцовых прыродаахоўных груп і персанал у 7400 чалавек. BirdLife – арганізацыя, вядомая як сусветны лідар ў ахове птушак, назіральнік грамадскай супольнасці, прызнаны ААН. Унікальны падыход BirdLife “ад мясцовага ўзроўню да глабальнага” дэманструе высокую эфектыўнасць у прыродаахоўнай дзейнасці на карысць прыроды і людзей. Даведайцеся больш на www.birdlife.org
Новый Дом Рождества в Минске (зима 2024/25) | «Время Сказки» в Минском Ботаническом саду: удивительные приключения для всей семьи! |
Самый эффективный метод борьбы с кибербуллингом по мнению белорусских родителей | Уникальная выставка: хризантемы и картины |
| Ваш комментарий, отзыв будет первым |