Хамяк, суслік і палятуха: незвычайныя звяркi ў Беларусі

Хамяк, суслік і палятуха: незвычайныя звяркi ў Беларусі

21.10.2020

Хамяк, суслік і палятуха ў Беларусі: што мы даведаліся пра іх за паўтара года?

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчына” (АПБ) падвяла вынікі экалагічнай ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” Дзе ў Беларусі знайшлі апошніх з гэтых незвычайных звяркоў і што патрэбна для іх захавання?

Хамяк

Да пачатку ініцыятывы дакладных фактаў сучасных сустрэч са звычайным хамяком у Беларусі не было. АПБ удалося сабраць фотадоказы, што гэты звярок яшчэ жыў у 2019 годзе ў Бярозаўскім раёне, а ў 2015-м – у Камянецкім. Апытанні мясцовых жыхароў і іх падрабязныя апісанні сустрэч з дзікімі хамякамі сведчаць пра імавернасць таго, што гэты грызун яшчэ захаваўся ў Кобрынскім і Жабінкаўскім раёнах. У Добрушскім раёне людзі таксама добра знаёмыя са звычайным хамяком, але апошні раз апытаныя жыхары назіралі яго некалькі гадоў таму. 

Але жылых нор дзікіх хамякоў эксперты дагэтуль не знайшлі. Пошукі працягваюцца, і АПБ нават абвясціла грашовае ўзнагароджанне да канца года таму, хто знойдзе такую нару ў Беларусі. Гэта шанец захаваць звычайнага хамяка ў нашай краіне.

- Мы вельмі разлічваем на мясцовых жыхароў, - кажа спецыяліст АПБ па сувязях з грамадскасцю Алеся Башарымава. – Калі вы бачыце нару дыяметрам каля 10 см і побач з ёй выкінута шмат зямлі, то гэта можа быць нара хамяка. Сфатаграфуйце яе, паклаўшы побач для маштабу мабільны, і дашліце разам з каардынатамі месца на info@ptushki.org.

Але праблема з хамяком не толькі ў Беларусі. Колькасць звычайных хамякоў так значна ўпала за апошні час, што сёлета від атрымаў новы статус у Міжнародным чырвоным спісе. Ён прызнаны відам, які знаходзіцца пад крытычнай пагрозай знікнення. Гэта значыць, што без спецыяльных захадаў ён знікне на Зямлі ў найбліжэйшыя тры дзесяцігоддзі.


Хамяк, суслік і палятуха: незвычайныя звяркi ў Беларусі
Звычайны хамяк, фота Роберта Біяса

Суслік

Гэты прыгожы звярок жыве калоніямі. Звычайна ён селіцца на пашах і сельскагаспадарчых палях. Раней суслікаў, як і хамякоў, лічылі ў Беларусі шкоднікамі і масава знішчалі. Сем гадоў назад зніклі адзіныя вядомыя калоніі суслікаў у нашай краіне. Дзякуючы ініцыятыве ўдалося знайсці новыя калоніі ў Нясвіжскім, Капыльскім і Баранавіцкім раёнах. Гэтыя месцы пражывання суслікаў цяпер перадаюцца пад ахову.


Хамяк, суслік і палятуха: незвычайныя звяркi ў Беларусі
Суслікі. Фота: Аляксандр Вінчэўскі

Хамяк, суслік і палятуха: незвычайныя звяркi ў Беларусі
Суслік. Фота: Аляксандр Вінчэўскі

Самая вялікая калонія ў Беларусі і адна з самых вялікіх у Еўропе знаходзіцца пад Нясвіжам. Яе плошча складае больш за 90 га, тут пражывае больш за 1000 суслікаў!


Хамяк, суслік і палятуха: незвычайныя звяркi ў Беларусі
Від зверху на калонію суслікаў, фота Уладзіміра Малашэвіча

Палятуха

Палятуха – “сваячка” звычайнай вавёркі. Самая цікавая яе адметнасць – тое, што яна ўмее планіраваць паміж дрэвамі дзякуючы нацягнутай скуры паміж заднімі і пярэднімі лапкамі.

Эксперты АПБ вызначылі сучасны арэал пражывання палятухі. Аказалася, што сустрэць гэтага скрытнага начнога звярка можна на большай частцы Гарадоцкага і Віцебскага раёнаў. Акрамя таго, ёсць дакладная інфармацыя, што палятуха сустракаецца ў Лёзненскім раёне. Таксама дзякуючы мясцовым жыхарам высветлілі, што паўднёвы арэал гэтага звярка не абмяжоўваецца Дзвіной, як лічылася раней: палятуха была адзначана ў Аршанскім раёне!

Дзякуючы нашым фотапасткам удалося не толькі зняць першае відэа палятухі ў Беларусі, але і высветліць, што гэты грызун вельмі цікаўны і перыядычна правярае ўсе дуплы на сваім участку.


Хамяк, суслік і палятуха: незвычайныя звяркi ў Беларусі
Фота з фотапасткі на палятуху, усталяванай экспертамі АПБ Дзянісам Кіцелем і Юрыем Янкевічам

Хамяк, суслік і палятуха: незвычайныя звяркi ў Беларусі
Фота з фотапасткі на палятуху, усталяванай экспертамі АПБ Дзянісам Кіцелем і Юрыем Янкевічам

Шукаем “супергрызуноў” разам!

Да пачатку ініцыятывы вельмі мала хто з беларусаў ведаў, што ў Беларусі можна сустрэць дзікага хамяка, сусліка і палятуху. Цяпер жа дзясяткі тысяч жыхароў краіны даведаліся пра іх. АПБ прыцягнула да пошуку трох самых рэдкіх грызуноў Беларусі сотні людзей і атрымала ад іх дзясяткі паведамленняў пра сустрэчы з гэтымі відамі.

 

Каб людзі ведалі, як і дзе шукаць “супергрызуноў”, у межах ініцятывы былі створаныя прэзентацыі, роставыя фігуры ў выглядзе грызуноў, налепкі, буклеты і інтэрактыўная карта. Нягледзячы на тое, што ініцыятыва заканчваецца, пошукі “супергрызуноў” не спыняюцца. Калі вы ведаеце месца пражывання дзікага хамяка, сусліка або палятухі, адзначайце каардынаты на гэтай карце.

 

Сабраныя дадзеныя паказваюць, што папуляцыі ўсіх трох відаў грызуноў у Беларусі значна скараціліся, - адзначае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. - Палятуха, рабы суслік і звычайны хамяк знаходзяцца на мяжы знікнення. Адна з галоўных агульных для іх праблем – змяненне ўмоваў пражывання праз гаспадарчую дзейнасць чалавека. Для сусліка гэта разворванне шматгадовых пашаў і прыдарожных палос, перавод кароў на стойлавае ўтрыманне, прыборка бутавых камянёў з ускраін палёў. На арэал палятухі моцна ўплываюць высечкі і будаўніцтва лясных дарог, бо гэта фрагментуе стараўзроставыя лясы. Эксперты мяркуюць, што на хамяка негатыўна ўплывае знос нежылых хутароў з садамі каля палёў – там звяркі раней знаходзілі сабе добрыя месцы для нор. Але ў нас усё яшчэ ёсць шанец захаваць самых рэдкіх грызуноў. Мы падрыхтавалі патрэбныя дакументы для перадачы пад ахову амаль 100 месцаў пражывання палятухі і рабога сусліка. Цяпер адміністрацыі раёнаў павінны прыняць гэтыя ахоўныя дакументы, а землекарыстальнікі - узяць месцы пражывання “супергрызуноў” пад ахову.

 

Ініцыятыва “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” ажыццяўляецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, Эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем “Неруш” і Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах і праходзіць у межах праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.




Читайте последние новости!!!

«Важнее не стрессоустойчивость, а жизнестойкость – умение восстанавливаться после стресса». «Важнее не стрессоустойчивость, а жизнестойкость – умение восстанавливаться после стресса».
Цены на осенней сельскохозяйственной ярмарке в МинскеЦены на осенней сельскохозяйственной ярмарке в Минске
«Букет добра» к 1 сентября собран! Итоги«Букет добра» к 1 сентября собран! Итоги
300 тысяч минчан получат по почте ламповые фотокарточки с арт-снимками столицы300 тысяч минчан получат по почте ламповые фотокарточки с арт-снимками столицы


Не работает форма? Сообщите по адресу info@prodetok.by

 

Комментарии и отзывы

Ваш комментарий, отзыв будет первым